З падзякай за працу! У Лідзе віншавалі працаўнікоў вёскі і перапрацоўчай прамысловасці

15 Ноября 2024 3820

У фае Палаца культуры разгарнуўся конкурс-выстава на лепшы сноп і лепшы каравай. У выніку першага месца быў удастоены духмяны каравай КСУП “Пескаўцы”, а лепшым снапом быў прызнаны сноп КСУП “Ваверка-Агра”.

Усіх, хто працуе на зямлі, у жывёлагадоўлі і на прадпрыемствах перапрацоўчай прамысловасці, павіншаваў са святам першы намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Валяваты:

– Дасягненні аграпрамысловага комплексу – гэта вынік паўсядзённай напружанай працы як простых работнікаў сельскай нівы, фермераў, так і спецыялістаў, кіраўнікоў, ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Заслугоўваюць добрых слоў і працоўныя калектывы прадпрыемстваў, на якіх перапрацоўваецца сельскагаспадарчая прадукцыя. З вашай дапамогай увесь сабраны ўраджай даходзіць да сталоў спажыўцоў.

Праца такіх людзей у нашай краіне высока цэніцца. Аб гэтым сведчаць і адпаведдныя ўзнагароды, якія ўручыў Юрый Мікалаевіч. Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання аб’яўлена жывёлаводу КСУП «Пескаўцы» Марыне Грыневіч і інспектару па кадрах ААТ «Мінойтаўскі рамонтны завод» Наталлі Зялінскай. Шэраг працаўнікоў атрымалі Ганаровыя граматы Гродзенскага аблвыканкама, абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі павіншаваў удзельнікаў урачыстага сходу і падзякаваў за нялёгкую працу:

– Мне вельмі блізка гэтае свята перш за ўсё тым, што ў сельскай гаспадарцы працавалі мае бацькі: мама ўзначальвала жывёлагадоўчы комплекс на чатыры з паловай тысячы галоў, бацька працаваў на розных пасадах, апошнім часам - галоўным энергетыкам у гаспадарцы. Я добра ведаю, які нялёгкі гэта хлеб. Дзякую вам за той вынік, які вы атрымалі сёлета ў складаных эканамічных умовах. Я не ўбачыў ні ў адным кіраўніку гаспадарак разгубленасці, абыякавасці. Кожны з iх нацэлены на дасягненне пастаўленых мэтаў. Упэўнены, што гэтай камандай мы абавязкова дасягнем найлепшых вынікаў.

– Сёлета аграрыі Лідчыны дасягнулі добрых вынікаў: намалацілі 92 тысячы тон збожжа, што на 14 тысяч тон больш, чым летась, – адзначыў у віншавальным слове намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Часнойць. – Павялічылі вытворчасць малака на 14 працэнтаў, мяса на 22 працэнты. Надаілі на адну карову амаль 5 тон малака. Атрымалі 700 грам прыбаўлення ў вазе буйной рагатай жывёлы. Такі вынік забяспечаны дзякуючы зладжанай рабоце калектываў сельгаспрадпрыемстваў і, вядома ж, вялізнай дапамозе дзяржавы.


Аляксндр Часнойць адзначыў заслугі кожнага з сельгаспрадпрыемстваў Лідчыны. Паспяховым склаўся год для ЛРСУП "Мажэйкава" (дырэктар Андрэй Лявон): гаспадарка сабрала пятую частку збожжа ад агульнага намалоту ў раёне! Амаль у два з паловай разы павялічыла ў параўнанні з мінулым годам валавы збор кукурузы на зерне, агародніны і ў паўтара разы – пладоў. Забяспечыла закладку садавінагароднінай прадукцыі ў стабілізацыйны фонд раёна. Годныя вынікі ў калектыва КСУП «Пескаўцы» (дырэктар Вольга Наройчык): павялічыліся аб'ёмы вытворчасці малака на 23 працэнты, прадуктыўнасць дойнага статку склала 6 210 кілаграм – гэта самы высокі паказчык у раёне! А па выніках года тут ставяць планку надаіць не менш за 7300 кг на карову. КСУП "Беліца-Агра" (дырэктар Віктар Сінкевіч) атрымала самую высокую ў раёне ўраджайнасць рапсу – 40,5 цэнтнера з гектара і самую высокую ўраджайнасць кукурузы на зерне – 149 цэнтнераў! Павялічыла валавы збор гэтай культуры ў тры з паловай разы. Нарыхтавала 35 ц.к.адз. травяністых кармоў. Высокія паказчыкі ў жывёлаводаў філіяла "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт" (кіраўнік Руслан Роцька). Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы самыя высокія ў раёне – 819 грам! Прадуктыўнасць кароў малочнага статка склала 5638 кілаграм. Па выніках года гаспадарка плануе надаіць больш за шэсць з паловай тон на карову. У КСУП "Едкі-Агра" (кіраўнік – Тадэвуш Рахатка) вытворчасць малака ўзрасла на 16 працэнтаў, у 1,6 раза больш намалочана збожжа кукурузы. Ураджайнасць склала 110 цэнтнераў з гектара. Жывёлаводы саўгаса «Лідскі» (кіраўнік – Дзмітрый Кахавец) па выніках года забяспечаць прадуктыўнасць дойнага статка не менш за 5 тысяч тон на карову. Працаўнікі КСУП "Ваверка-Агра" (дырэктар Андрэй Кулак) нарыхтавалі на ўмоўную галаву 35 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Атрымалі добры вынік па прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы – 716 грам.

Аляксандр Часнойць адзначыў і працу фермерскіх гаспадарак: "Шарыч", "Арлавец", "Аніта", "Дудары", "Арго", "Тарнова-Агра" і іншых.

Такім чынам, добрасумленная, якасная праца на любым участку, у кожнай арганізацыі – галоўны рэсурс, надзейны фундамент раёна і дзяржавы, абавязковая ўмова нашага працвітання. Са сцэны прагучалі імёны лепшых работнікаў жывёлагадоўчых ферм, механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў, перадавікоў арганізацый перапрацоўчай прамысловасці.

Асаблівыя словы ўдзячнасці былі адрасаваны ветэранам аграпрамысловага комплексу, якія заклалі аснову сённяшніх поспехаў і перадалі свой бясцэнны вопыт маладой змене. У знак павагі і пераемнасці пакаленняў падарункі ветэранам працы ўручылі навучэнцы профільных класаў аграрнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна.


Свае віншаванні ў адрас працаўнікоў вёскі і перапрацоўчай прамысловасці выказвалі старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, старшыня Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Марсаў, першы сакратар Лідскай раённай арганізацыі БРСМ Кацярына Ясючэня. За дасягнутыя паказчыкі ўдзельнікі свята былі ўдастоены высокіх узнагарод абласнога і раённага ўзроўняў.

На сцэну былі запрошаны генеральны дырэктар ААТ "Лідахлебапрадукт" Аляксандр Астроўскі і генеральны дырэктар ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат" Андрэй Ашманкевіч. За выкананне пастаўкі збожжа для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб у поўным аб'ёме гендырэктар ААТ "Лідахлебапрадукт" Аляксандр Астроўскі ўзнагародзіў дырэктара КСУП "Беліца-Агра" Віктара Сінкевіча За найбольш высокія паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі малака, прадукцыйнасці дойнага статка, а таксама паказчыкаў якасці малака гендырэктар ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат" Андрэй Ашманкевіч узнагародзіў дырэктара КСУП "Пескаўцы" Вольгу Наройчык, дырэктара ЛРСУП «Мажэйкава» Андрэя Лявона і брыгадзіра МТК «Чаплічы» філіяла «Дзітва» ААТ «Лідахлебапрадукт» Уладзіміра Гінцэвіча.

Сапраўдным падарункам аграрыям ад работнікаў культуры стала прыгожая музычна-харэаграфічная кампазіцыя: на сцэну выйшлі поры года - Зіма, Вясна, Лета, Восень. «Прыгожыя, як спей птушак, як матчына песня, як той куточак роднай зямлі, дзе ты нарадзіўся і вырас». А працягнулі яе творчыя калектывы Лідчыны.

Слова – працаўнікам вёскі і перапрацоўчай прамысловасці:

Валянціна РУДЗКАЯ, фармоўшчык калбасных вырабаў філіяла “Лідскі мясакамбінат” ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”:

– У філіяле працую два гады, а ўвогуе на Лідскім мясакамбінаце амаль трыццаць год. Так што, уся працоўная біяграфія лічы на адным месцы, з невялікім перапынкам. Працу сваю люблю, прыкіпела і да прадпрыемства. Калектыў у нас добры, дружны. Хачу павіншаваць усіх калег са святам, пажадаць сямейнага дабрабыту і міру.

Вікторыя АРТАМОНАВА, аператар машыннага даення МТК “Ёдкі” КСУП “Ёдкі-Агра”:

– Працую ў гаспадарцы шаснаццаць год, палову з якіх – даяркай. Праца нялёгкая: ранняя дойка летам – у пяць гадзін раніцы, вяэчрняя часам зацягваецца да поўначы. Магчыма, не кожнаму па сілах. Але я прывыкла. Высокіх паказчыкаў у працы нашага МТК удаецца дасягнуць у тым ліку і дзякуючы нашай загадчыцы Вользе Антонаўне Лісоўскай. Яна заўсёды за людзей! Строгая, але справядлівая, умее знаходзіць агульную мову і з падначаленымі, і з кіраўніцтвам. Вельмі прыемна, што маю працу заўважылі і адзначылі. Радуюуцца, ганарацца маёй узнагародай і дома, мая сям’я.  

Святлана ІВАНЦЭВІЧ, заатэхнік МТК “Крыніцы” РСУП “саўгас “Лідскі”:

– Усё жыццё я ў сельскай гаспадарцы. І сама жыву увесь час у вёсцы. Хачу сказаць добрыя словы ў адрас сваіх калег, без якіх не было б таго дадатнага выніку працы, – гэта нашы даяркі, цялятніцы, усе, хто працуе на ферме. Узаемапаразуменне, узаемавыручка – гэта тое галоўнае, што дапамагае і ў працы, і ў жыцці.






























































































Текст: Ольга Яхонтова Ольга Яхонтова
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться