Выдатная адзнака за творчыя дасягненні
19 Января 2025
108
Высокі ўзровень арганізацыі работы ў галіне культуры Лідчыны пацверджаны чарговымі ўзнагародамі. Два прадстаўнікі нашага раёна сталі лаўрэатамі прэміі імя Аляксандра Дубко: метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Дыдышка ў намінацыі “Клубны работнік года” і дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Хацяновіч у намінацыі “Музейны работнік года”.
Адданасць справе, якой займаюцца, высокі прафесіяналізм, вялікі аб’ём напрацовак у сваёй сферы – гэта не поўны пералік таго, што аб’ядноўвае ўладальнікаў абласной штогадовай прэміі. Журналіст “Лідскай газеты” сустрэўся з Ірынай Дыдышка і Наталляй Хацяновіч, каб падрабязней расказаць пра іх.
Сёлета спаўняецца дваццаць гадоў, як Ірына Дыдышка шчыруе на ніве культуры. У 2005 годзе яна пачала працаваць у Доме рамёстваў, які на той час адкрыўся ў пасёлку Першамайскі. Кіраўнік Алена Валянцінаўна Шчэліна стварала калектыў аднадумцаў, апантаных пазнаннем традыцыйнай народнай творчасці, таму і запрасіла на работу Ірыну Маркаўну. У яе за плячамі мелася пэўная адукацыя, а ў 2012 годзе яна закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па аддзяленні народнай культуры, затым магістратуру.
– У Доме рамёстваў былі наладжаны даследчая дзейнасць і накірункі па рамёствах, – успамінае Ірына Маркаўна. – Мы выязджалі ў населеныя пункты раёна, збіралі прадметы быту, запісвалі інфармацыю ад людзей пра іх заняткі. Мэтай было не толькі збіральніцтва, але і знаёмства з майстрамі раёна, наладжванне з імі кантактаў, спасціганне народных рамёстваў. У 2010 годзе наш аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры пераехаў у Ліду ў будынак па вуліцы Савецкай, у якім да гэтага часу была спецыяльна праведзена рэканструкцыя. З’явілася магчымасць усё тое, што назапасілі, аб’яднаць у экспазіцыі, прадставіць для прагляду шырокага кола наведвальнікаў. Пасля гэтага работа не спынілася, а актыўна прадаўжаецца: пастаянная выстава “Скарбы Лідскага краю” і зараз папаўняецца новымі экспанатамі. Прадметы “абрастаюць” гісторыямі, якія таксама беражліва захоўваюцца.
Супрацоўнікі аддзела праводзяць і вялікую даследчую работу. Ірына Дыдышка з’яўляецца кіраўніком творчай групы па даследаванню традыцыйнага народнага касцюма рэгіёна Панямоння першай паловы XX стагоддзя, займаецца зборам і захаваннем мясцовых асаблівасцей традыцыйнага строя сучаснага Лідскага раёна.
Ірына Маркаўна стала рэалізатарам рэгіянальнага культурна-асветніцкага праекта “Збляны – традыцыйная калыска культуры Лідчыны”. Ішло адраджэнне, вывучэнне, захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны вёскі і хутара Збляны. Вынікі гэтай работы былі падсумаваны напрыканцы 2023 года ў горадзе Слуцку на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Захаванне і развіццё тэкстыльных традыцый і нацыянальнага касцюма як неад’емнай часткі гісторыка-культурнай спадчыны краіны”.
Тое, што праведзеная работа заслужыла высокай адзнакі, пацвярджае і ўручэнне Ірыне Дыдышка прэміі Аляксандра Дубко.
– Што самае каштоўнае Вы выявілі падчас рэалізацыі праекта? – пацікавілася журналіст у Ірыны Маркаўны.
– Шчырыя, працавітыя людзі – гэта самае каштоўнае багацце Лідскай зямлі, – адказала яна. – Памятаю размову з 92-гадовай бабуляй Марыяй Кепель. Яна расказвала, што сваё жыццё прысвяціла вырошчванню ільну, была звенявой у ільнаводчай брыгадзе, адзначала, што праца ў полі была не з лёгкіх. “Не шкадуеце, што выпала доля свае сілы класці на палетках?” – спытала я. “Ну што вы! – адказала жанчына. – Я люблю лён і дзякую Богу, што даў мне ў жыцці справу па душы”.
Сама Ірына Дыдышка з той жа кагорты нашых землякоў.
* * *
Вялікі ўклад у музейную справу Лідскага раёна больш чым за чвэрць стагоддзя ўнесла Наталля Хацяновіч.– Я ўладкавалася на працу ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей незадоўга да таго, як пачаўся пераезд установы з будынка па вуліцы Савецкай у памяшканне сучаснага будынка па вуліцы Перамогі, – кажа яна. – Супрацоўнікі музея прыклалі нямала намаганняў, каб аднавіць яго ў такім выглядзе, у якім ён знаходзіцца зараз.
Наталля Аляксандраўна скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Музейная справа”. Яна прайшла не адну прыступку ў сваёй працоўнай біяграфіі: наглядчыка музея, навуковага супрацоўніка, галоўнага захавальніка фондаў, намесніка дырэктара на навукова-даследчай дзейнасці, а зараз з’яўляецца кіраўніком музейнай установы.
Наталля Аляксандраўна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю, камплектаваннем і навуковай апрацоўкай музейных калекцый. Напрыклад, апошнім часам, дзякуючы навукова-даследчай рабоце “Горад на старой паштоўцы”, у музей паступіла звыш двух з паловай соцень выяў горада пачатку ХХ стагоддзя. Вынікам работы з’яўляецца выданне насценных перакідных календароў з серыі “Скарбы Лідчыны”.
– Такія выявы – неацанімая этнаграфічная і літаратурная крыніца для вывучэння нашага горада, – запэўнівае Наталля Аляксандраўна. – Разам з тым сваю каштоўнасць маюць і віншавальныя паштоўкі, якія у 60-70-х гадах прыходзілі ў адрас калектыва музея. Пажаданні характарызуюць супрацоўнікаў як людзей нераўнадушных, спагадлівых. У той час была наладжана актыўная перапіска з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Праз паштоўкі яны дзяліліся з работнікамі музея, як з роднымі, інфармацыяй аб сваім жыцці.
Дарэчы, сама Наталля Аляксандраўна – аўтар канцэпцыі выстаўкі па-за музеем “Алея памяці “Ніколі не забудзем”, якая прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На працягу 2024 года актыўна вялася папулярызацыя музейнага збору. Наталля Аляксандраўна прымала ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях і семінарах. На міжнароднай канферэнцыі яна агучвала работу музея як цэнтра духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення з прэзентацыяй як праектаў, так і музейных аб’ектаў: самога музея, Лідскага замка і дома Валянціна Таўлая. Трэба сказаць, што летась іх наведала 140 тысяч чалавек, праведзена больш 3-х тысяч экскурсій.
Журналіст пацікавілася ў Наталлі Хацяновіч планамі ўстановы. Расказваючы пра тое, што плануецца ажыццявіць, субяседніца адзначыла:
– Будзем умацоўваць той падмурак музейнай работы, які быў закладзены папярэднімі кіраўнікамі музея: Ганнай Мікалаеўнай Драб, Вольгай Віктараўнай Лук’ян – і павялічваць дасягненні. У нас выдатны калектыў, мы ўсе робім агульную справу. У адрас кожнага супрацоўніка магу сказаць добрыя словы, бо ўсе яны заслугоўваюць пашаны і павагі.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.