Незабывальнае падарожжа

15 Января 2025 2267

Непрыкметна праляцелі зімовыя канікулы. Пачалася самая доўгая ў навучальным годзе трэцяя чвэрць. Але незабыўныя ўражанні пра канікулы засталіся.

Цікавыя паездкі, паходы, экскурсіі даўно сталі традыцыяй для нашай Першамайскай сярэдняй школы.

На зімовыя канікулы была запланавана экскурсія ў сталіцу. І вось гэты дзень прыйшоў. Група школьнікаў у суправаджэнні сваіх настаўнікаў адправілася ў Мінск.


Першым нас прымаў Купалаўскі тэатр з яго легендарным спектаклем «Паўлінка». Усім вядома, што менавіта гэтай пастаноўкай штогод адкрываецца новы тэатральны сезон. «Паўлінка» даўно ператварылася ў сапраўдную візітоўку тэатра.

Нашы вучні глядзелі спектакль на адным дыханні. Спадабалася ўсё: і дэкарацыі, і выдатнае майстэрства выканаўцаў роляў, і музычнае суправаджэнне пастаноўкі, і сама атмасфера Нацыянальнага акадэмічнага тэатра.

Пад уражаннем купалаўскай сцэны, у прыўзнятым настроі група адправілася на наступны запланаваны намі аб’ект. Гэта была сустрэча з Агульнанацыянальным тэлебачаннем (АТН).

Нас сустракаў наш вядомы зямляк, выпускнік нашай школы, а зараз вядомы таленавіты журналіст, палітычны аглядальнік тэлеканала АНТ Ігар Тур.


Рэдка каму пашчасціць зазірнуць у чароўны свет на адваротным баку экрана, паназіраць за тэлевізійным жыццём вядомых медыяперсон і прафесіяналаў, што кожны дзень збіраюць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў нашай краіне і ў свеце, каб падзяліцца самымі цікавымі і важнымі навінамі. Дзякуючы нашаму вядомаму земляку Ігару Туру, які знайшоў для нас час у сваім цесным рабочым графіку, нашым вучням быў прадстаўлены гэты ўнікальны шанс. Тым больш, што большасць экскурсантаў з’яўляюцца удзельнікамі школьнага праекта «Рэдакцыя маёй мары».

Школьнікі пабывалі ў самым сэрцы тэлебачання, мелі ўнікальную магчымасць наведаць тэлестудыі з сапраўды «касмічным» абсталяванем і віртуальнымі тэхналогіямі, дзе адбывецца звпіс эфірных праектаў, даведаліся, як рыхтуюць тэлеперадачы, што адбываецца ў грымёрцы, з чаго манціруецца праграма, якую ўбачаць мільёны тэлегледачоў па ўсёй краіне. Вучні змаглі задаць свае пытанні Ігару Туру і іншым тэлевядучым, паспрабаваць сябе ў ролі вядучых тэлепраграм « Контуры » і «Наша раніца» і зрабіць фота на памяць. Школьнікі ўбачылі, як працуе тэлеканал АНТ і радыёстанцыя «Цэнтр FM» знутры, з самага яго «сэрца». Эмоцыі ад убачанага і пачутага былі такімі моцнымі, што мы яшчэ доўга імі дзяліліся.

Развітваючыся з намі, вядомы журналіст параіў вучням- старшакласнікам выбіраць для сябе толькі тую прафесію, да якой ляжыць душа. Ён запэўніў, што займацца любімай справай з радасцю і задавальненнем – гэта значыць выцягнуць свой «шчаслівы білет » у жыцці.

Далей наш экскурсійны маршрут прывёў нас да Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэты незвычайны архітэктурны аб’ект прыцягвае позіркі ўжо здалёк. Напярэдадні калядных і навагодніх свят перад будынкам галоўнага «храма кніг» наведвальнікаў сустракаюць цудоўныя навагоднія інсталяцыі. Колеры, гукі і нават смачныя пахі так і вабяць падысці бліжэй да гэтых зімовых цудаў.

Як вядома, Нацыянальная бібліятэка сёння з’яўляецца адной з візітных картак нашай краіны. У час экскурсіі нашы вучні даведаліся, як стаць карыстальнікам бібліятэкі, (а некаторыя з іх ужо праз паўгода плануюць стаць студэнтамі). Нашу увагу прыцягнуў гранітны шар, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнання свету. Дакранаючыся да яго, мы задумвалі свае навагоднія пажаданні. Экскурсанты пазнаёміліся з асаблівасцямі мастацкага афармлення бібліятэкі, з арыгінальнымі архітэктурнымі рашэннямі. Шмат новага даведаліся пра функцыі бібліятэкі, сістэму дастаўкі літаратуры.

Вельмі цікава было пабываць ў музеі Кнігі, падзівіцца на самую вялікую і самую мініяцюрную кнігі, пабачыць, як выглядалі першыя кнігі розных народаў свету. А яшчэ мы мелі магчымасць палюбавацца сталіцай з вышыні птушынага палёту і, вядома ж, зрабіць арыгінальныя фотаздымкі на памяць у адным з самых незвычайных будынкаў свету.

І канешне ж, наша падарожжа не абышлося без наведвання гандлёвага цэнтра «Дана Мол» Тут размясцілася сапраўдная казачная «Калядная крама» з цудоўнымі навагодне-каляднымі інсталяцыямі. Выглядае яна, як вялізная вежа (на тры паверхі), унутры якой няспынна мітусяцца людзі: любуюцца казачнымі прадметамі вялізнага памеру, фатаграфуюцца, набываюць святочныя падарункі сваім блізкім. Такую прыгажосць можна разглядаць гадзінамі: мільгаюць рознымі колерамі агеньчыкі гірлягд, круцяцца цацачныя арэлі, над каляднай вёсачкай на паветраным шары лятае казачны Дзед Мароз…

У цудоўным, прыўзнятым настроі вярталіся нашы падарожнікі дамоў, каб падзяліцца з блізкімі і сябрамі тымі ўражаннямі і эмоцыямі, што прывезлі з гэтай запамінальнай экскурсіі.

 

Текст: Магільніцкая Вольга, Нахоцкая Галіна Магільніцкая Вольга, Нахоцкая Галіна
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться